Напачатку гэтага месяца стартаваў аўтарскі праект па захаванні культурных каштоўнасцей, а калі дакладней – вуснага паэтычнага мастацтва славян, вядомага беларускага спевака Віталі Сола. Больш падрабязна пра тое даведаемся ад аўтара творчай ідэі.
– Віталі, давайце бліжэй пазнаёмім чытачоў з Вашай асобай. Распавядайце, калі ласка, некалькі слоў пра сябе: адкуль Вы родам і як даўно на сцэне.
– Мая малая радзіма – Брэст, але пасля майго нараджэння сям’я пераехала ў Гомель. Прафесійную музычную адукацыю атрымаў у Гродна і працягваў вучобу ў сталіцы нашай краіны. Таму, літаральна кажучы, кожны з гэтых гарадоў стаў для мяне родным і блізкім. А ля мікрафона я даўно, музыка ідзе са мной рука аб руку з дзяцінства. Аднак калі гаварыць пра выхад на вялікую сцэну, то прафесійнае станаўленне пачалося ў 2005 годзе. Менавіта тады я прыняў удзел у тэлевізійным праекце «Зорны дыліжанс» і заняў 2-е месца. Уласна кажучы, што і стала для мяне зорным трамплінам. Пасля таго адбылася вялікая колькасць выступленняў як у Беларусі, так і за яе межамі са славутасцямі шоу-бізнэсу.
– Мы ведаем, што сама каралева Вялікабрытаніі высока ацаніла Ваш талент і накіравала падзячны ліст за цудоўнае выступленне. Чым вы паланілі сэрца Лізаветы ІІ?
– Выхваляцца тым, што канкрэтна ўразіла Яе Вялікасць, з майго боку было б некарэктна. Але ў сваім пасланні каралева выказала вялікую падзяку за душэўнае віншаванне да яе дня нараджэння. А таксама асобна падзячыла за падараванае ей відэавыступленне, так як у сувязі з пандэміяй я не змог напрамую спець для імянінніцы усё самае лепшае.
– Ваша прозвішча занесена ў Кнігу рэкордаў Беларусі. Не ўсім выпадае такі шанец праславіць сваё імя. Вам пашчасціла папоўніць спіс знакамітасцей нацыянальнай скарбонкі дасягненняў беларусаў. Якім манерам гэта ўдалося?
– Мая песня «Don’t cry» («Не плач») 4 разы запар перамагла ў хіт-парадзе на «CCG Network Radio» (Чарльстон, ЗША) у чарце CCG TOP 20 WEEK. Раней аналагічных рэкордаў дасягнуць не ўдавалася нікому. Гэта мой асаблівы гонар! Між іншым, тая ж песня трымалася на верхнім прыступку хіт-параду 22 тыдні.
– Але вернемся да нашай асноўнай тэмы. Скажыце, што гэта за праект, як з’явілася думка па яго распрацоўцы і чаму быў абраны менавіта славянскі фальклор.
– Праект «Гісторыя простых людзей» прадугледжвае стварэнне эстрадных песень на аснове вусна-паэтычнай творчасці славянскага фальклору мінулага стагоддзя: прыпеўкі і калыханкі, заклічкі, побытавыя песні і г.д. А нарадзілася ідэя не адразу. Неяк у якасці эсперыменту я поўнасцю змяніў мелодыю на адну з народных песень. Паслухаўшы яе, рабяты з маёй каманды ўсклікнулі: «Вельмі цікава! Такі матыў хочацца слухаць!» Праз пэўны час, глыбей вывучаючы нацыянальную спадчыну, я злавіў сябе на думцы, што большасць тэкстаў я проста не ведаю… Сягоння бабуліны песні практычна не ўспрымаюцца слухачамі. На жаль, значны пласт славянскай духоўнай культуры проста знік. Менавіта тое і эксперымент з песняй «Купалінка» натхнілі мяне. Дзякуючы праекту, дзе я выступаю не толькі як спявак, але і як кампазітар, старыя вершаваныя творы атрымаюць новае жыццё і сучаснае гучанне.
– Удзельнікамі праекта могуць стаць звычайныя людзі любога ўзросту. Ці не так?
– Беспамылкова. Любы чалавек можа далучыцца да творчай ідэі і падзяліцца паэтычнымі каштоўнасцямі сваіх продкаў. Усё, што мае вершаваную форму, дазваляю даслаць на маю электронную пошту vitalisoloofficial@gmail.com з паметкай «Гісторыя простых людзей». Любое з іх мае шанец да новага жыцця. Бо мэта праекту – зберагчы і перадаць маладому пакаленню славянскі традыцыйны фальклор у сучаснай апрацоўцы.
– Што чакае чытачоў нашай газеты па завяршэнні творчай ідэі?
– Праект разлічаны ў сярэднім на год з паловай. За гэты час мяркую выпусціць 12 песень для аднайменнага альбома «Гісторыя простых людзей», якія будуць выходзіць штомесяц. Кожны з твораў можна будзе паслухаць на сайце чачэрскай раёнкі і радыёстанцыях краіны. Скачаць жа кампазіцыі слухачам стане магчымым з майго афіцыйнага сайта vitaliofficial.by.
– І апошняе пытанне: праект ужо даў адмашку новаму жыццю старых тэкстаў народных песень. Падзяліцеся Вашымі ўражаннямі ад прэм’еры, і ў чым яе асаблівасць.
– Першая кампазіцыя «Купалінка» атрымалася вельмі прыгожай, лірычнай і душэўнай. Наогул, песня прасякнута духам мінулага, яе тэкст не губляў папулярнасці на працягу стагоддзя. Сёння яна, дзякуючы новай мелодыі, успрымаецца інакш, аднак не згубіла сваіх гістарычных вытокаў. Яшчэ перад прэм’ерай мае прыхільнікі, якім давялося чуць урыўкі з прыпеву, з нецярпеннем чакалі яе поўнай версіі.
– Дык вось, праект стартаваў. Зацікаўленасць людзей, безумоўна, заўсёды радуе і дае матывацыю. Хочацца верыць, што Вашу аўтарскую ідэю чакае ашаламляльны поспех. Чаго Вам і жадаем. Дзякуй за размову і чакаем наступных цікавых работ.
Читать на сайте источника:
http://www.checherskivestnik.by/?p=67123
https://www.facebook.com/groups/311119032984965
https://www.instagram.com/checherskiivestnik/
https://ok.ru/group/52331562860672
© 2018 vitaliofficial.by